
Праграма 5-га юбілейнага «Паўночнага ззяння»
02.05.2019
5-ы фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» пройдзе ў Мінску з 10 па 17 траўня ў кінатэатры «МІР». У праграму ўваходзяць 18 гульнявых і дакументальных фільмаў, рэтраспектыва, дзіцячая праграма «Ззя-kids», а таксама 7 мерапрыемстваў індустрыйнай платформы. Фестываль сёлета наведаюць 7 замежных гасцей.
Традыцыйна «Паўночнае ззянне» прадстаўляе фільмы з Швецыі, Нарвегіі, Даніі, Фінляндыі, Ісландыі, Эстоніі, Літвы, Латвіі. Сёлета ўпершыню пакажам стужку з Грэнландыі. Таму, звярніце ўвагу на грэнландскі фільм «Аноры», які прадставіць галоўная актрыса і спявачка Нукака Костар-Вальдаў.
Усе фільмы праграмы «Паўночнага ззяння» – беларускія прэм’еры. Але сусветныя прэм’еры гэтых фільмаў адбыліся на розных буйных кінафестывалях па ўсім свеце.
● Так, прэм’еры фінскага дакументальнага фільма «Незвычайнае жыццё дзяўчыны па імені Ві» і дацкага фільма «Вакацыі» адбыліся на кінафестывалі Sundance у Амерыцы.
● Ісландскі фільм «Жанчына абвяшчае вайну» рэжысёра Бенедыкта Эрлінгсана, знаёмага гледачам «Паўночнага ззяння» па фільме «Усім відовішчам відовішча», быў узнагароджаны галоўным прызам у праграме «Тыдня крытыкі» ў Канах 2018.
● А літоўскі фільм пра небезвыходнасць псіхалагічных хвароб – «Перажыць лета» ўпершыню быў паказаны на кінафестывалі ў Таронта.
● Адмысловы паказ дакументальнага фільма беларускага рэжысёра Аляксандра Міхалковіча «Мая бабуля з Марса», які спрадзюсавала дырэктарка «Паўночнага ззяння» Воля Чайкоўская і сусветная прэм’ера якога адбылася на кінафестывалі ў Іглаве (Чэхія), таксама адбудзецца ў межах Ззяння.
● Прэм’ера шведскага дакументальнага фільма «Добры тыдзень для дэмакратыі» распавядае пра тое, што пакуль у Беларусі не бачыцца магчымым – свабодны фармат дыскусіі і абмеркавання паміж рознымі палітычнымі сіламі, медыя і лідарамі меркаванняў у межах фестывалю на шведскім востраве. Прэм’ера адбылася на кінафестывалі ў Гётэборгу.
● А эстонскі гульнявы фільм «Бяры ці бяжы» , высунуты ад Эстоніі змагацца за Оскар, распавядае пра бацькоўскі інстынкт маладога таты і цалкам разбурае стэрэатыпы пра маскуліннасць.
Літоўская і нарвежская анімацыя з беларускай агучкай у межах новай дзіцячай праграмы «Ззя-kids” – стане добрым сюрпрызам для дзіцячага і сямейнага прагляду, а таксама прыкметай росту кінафестывалю. 11 траўня адбудзецца паказ мультфільма «Якаб, Мімі і сабакі, якія размаўляюць» легенды латвійскай анімацыі Эдмундса Янсанса, які распавядае пра прыгоды хлопчыка ў самым аўтэнтычным раёне Рыгі. А 12 траўня адбудзецца паказ нарвежскага мультфільма «Вясёлая ферма» пра карову, якая марыла стаць зоркай-спявачкай. Як бачыце – усё сапраўды магчыма!
У праграме «Паўночнага ззяння» вялікая ўвага надаецца важным і актуальным тэмам для сусветнай і беларускай грамадскасці. Так, летась у межах «Паўночнага ззяння» адбылася вялікая дыскусія на тэму жаночай сэксуальнасці і прыняцця свайго цела з нагоды дацкай дакументальнай стужкі «Венера, давайце пагаворым пра сэкс». У гэтым годзе мы запрашаем вас на стужку «Вакацыі», пасля якой адбудзецца адкрытая размова на тэму сузалежных адносінаў, гвалту і таго, як не патрапіць у сітуацыю, пра якую ідзе гаворка ў фільме. У дыскусіі возьмуць удзел эксперты і эксперткі, а таксама рэжысёрка фільма Ізабэлла Эклёф, якая можа быць вам вядомая, як сусцэнарыстка шведскага фільма Border рэжысёра Алі Абасі, які атрымаў галоўную ўзнагароду ў Канах у конкурсе «Асаблівы погляд» 2018.
Набывайце квiткi анлайн, а таксама у касе кiнатэатра «Мiр».