Размер шрифта: А А А
Цветовая схема: Ц Ц Ц Ц
×

Новость

Паказ кінастужкi «Галька» з жывой музыкай да 200-годдзя Станіслава Манюшкі

6 снежня 2019 года ў рамках праекта «Кінямо. Нямое кіно + жывая музыка» у кінатэатры «Масква» адбудзецца спецыяльны паказ драмы Канстанты Мягліцкага «Галька», прымеркаваны да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі. 
«Галька» — адна з трох польскіх даваенных экранізацый оперы Станіслава Манюшкі, якая распавядае пра няшчаснае каханне вясковай дзяўчыны Галькі да паніча Януша.
Экранізацыя аднайменнай оперы, якая выйшла на экраны ў 1929 годзе, будзе прадстаўлена ў музычным суправаджэнні, створаным кампазітарам Вольгай Падгайскай адмыслова для адноўленай версіі фільма. Беларуская прэм’ера «Галькі» адбудзецца пад жывы музычны акампанемент у выкананні:
• салістаў Вялікага тэатра Беларусі Ірыны Кучынскай (сапрана) і Андрэя Кліпо (барытон),
• харавой капэлы,
• калектыву новай камернай музыкі Five-storey ensemble: Вольга Падгайская (фартэпіяна), Аксана Герасімёнак (скрыпка), Аляксандра Чахоўская (скрыпка), Аляксандр Сердзюкоў (віяланчэль), Эрык Арлоў-Шымкус (кантрабас), Аляксандр Яскельчык (кларнет, бас-кларнет), Віталь Эпаў (сапрана-саксафон).
Да нядаўняга часу нямая экранізацыя «Галькі» не была вядомая шырокай публіцы: з арыгінальнай версіі фільма захаваліся толькі апошнія чатыры хвіліны. 
Ствараючы музычнае суправаджэнне да адноўленай версіі «Галькі», Вольга Падгайская імкнулася прадставіць гледачам сучаснае «прачытанне» нямой стужкі, напоўніць яе актуальным зместам, але ў той жа час аддаць даніну павагі Станіславу Манюшку як пачынальніку польскай і беларускай опернай традыцыі, уключыўшы ў партытуру фрагменты арыгінальнай оперы. Вынікам стаўся новы твор, своасаблівы сімбіоз кіно і оперы, адметны сваёй моцнай драматургіяй і сімфанічнай глыбінёй.
Фільм дэманструецца з беларускімі субтытрамі.
Пачатак у 19:00. Квіткі можна набыць у касе кінатэатра і анлайн.
Кінатэатр «Масква»: г. Мінск, пр-т Пераможцаў, 13 (ст.м. «Няміга»)

Последние новости